У Целяханскай гарадской бальніцы ўстанавілі новы грузапасажырскі ліфт
У будынку бальніцы 1960-х гадоў пабудовы быў прадугледжаны ліфт, аднак тэрмін яго эксплуатацыі скончыўся, а патрэба ў ліфце была. І вось у сакавіку жыхароў Целяхан і навакольных вёсак, пацыентаў установы аховы здароўя, напаткала прыемная навіна – пачаў работу новы ліфт.
Былая шахта адпавядала ўсім патрабаванням, і ніякіх перабудоў не праводзілі, напрыканцы мінулага года работнікі УП «Івацэвіцкая ПМК-18» правялі дэмантаж старога ліфта. Далей за справу ўзяліся прадстаўнікі ААТ «Брэстліфт», яны ўстанавілі сучасны ліфт на тры прыпынкі грузападымальнасцю да 630 кг.
– Габарыты былога ліфта не дазвалялі нам перавозіць пацыентаў на інвалідным крэсле ці на медыцынскай каталцы, – адзначае загадчык гарадской бальніцы Святлана Карповіч. – Цяпер жа гэта можна рабіць без ніякіх перашкод. Мы запусцілі ліфт 10 сакавіка, ім ужо актыўна карыстаюцца нашы маламабільныя пацыенты, а ўсім жадаючым дапамагае ліфцёр.
Падчас падрыхтоўкі да абласных дажынак у 2022 годзе ў бальніцы правялі рамонтныя работы на ўсіх трох паверхах. На другім паверсе знаходзіцца паліклініка і аддзяленне дзённага стацыянара, а на трэцім – тэрапеўтычнае аддзяленне. Бальніца павінна адпавядаць усім патрэбам часу, каб людзі тут таксама, як і гарадскія, атрымлівалі неабходную якасную дапамогу. Як бачна, для гэтага робіцца ўсё магчымае.
Источник https://ivatsevichy.by/suchasny-i-z-bolshaj-gruzapadymalnastsyu/