Russian Belarusian English
rtmoivc@brest.by Регистратура 8(01645) 9-53-53 Приемная 8(01645) 9-10-26 Горячая линия 8(01645) 9-10-26 0800-1300 1400-1700

ПЕРАСОЎНЫ ФАП: У ЧЫМ ПЕРАВАГІ, У ЧЫМ НЕДАХОПЫ, ЯКІЯ ВОДГУКІ ПРА ЯГО РАБОТУ ПАКІДАЮЦЬ ВЯСКОЎЦЫ

У жніўні 2022 года ў раёне з’явіўся перасоўны ФАП. Медыцынскі комплекс на колах пачаў завітваць у аддаленыя вёскі раёна, каб у вяскоўцаў была магчымасць прайсці прафілактычны агляд ці набыць лекі ў сваім населеным пункце, каб якасць аказання меддапамогі на сяле павысілася. За 2023 год здзейснена 259 выездаў ФАПа ў дзясяткі вёсак, агляд прайшлі 3 913 пацыентаў. З-за змяншэння ліку сельскага насельніцтва некаторыя стацыянарныя фельчарска-акушэрскія пункты давялося закрыць – аптымізацыя, і мабільны медкомплекс быў прапанаваны ў якасці альтэрнатывы. Нядаўна журналісты пабывалі ў Міроніме падчас яго дзяжурства, пагутарылі з работнікамі ФАПа, з насельніцтвам. Якую ацэнку яны могуць даць гэтаму эксперыменту праз паўтара гады работы? Ці ўсё задавальняе пацыентаў? Ці зручна працаваць персаналу?

 

Перасоўны пункт курсіруе па раёне па графіку. Сустрэць яго можна як у маленькіх вёсачках, дзе 2-3 жыхары, так і ў прыгарадзе, напрыклад, у Любішчыцах, дзе ёсць і стацыянарны ФАП, аднак фельчар – у водпуску па догляду дзіцяці. Два дні на тыдзень тут працуе фельчар з Майска і адзін раз на тыдзень патрэбы насельніцтва закрывае ФАП на колах. У Міронім ехалі акурат праз Любішчыцы, спынялі людзей на вуліцах, пыталі, ці падабаецца ім абслугоўванне ў ФАПе на колах. Цяжка было патрапіць на таго, хто ўжо карыстаўся паслугамі мабільнага медкомплекса, бо ў Любішчыцы ён пачаў завітваць толькі ў снежні, і месяца не прайшло з таго часу. Аднак усё ж нам пашчасціла – знайшоўся чалавек, які там пабываў і застаўся задаволеным: можна аналізы здаць, можна памераць ціск, лекі прадаюцца – зручна, не трэба ў паліклініку ехаць. З размовы з іншымі жыхарамі стала зразумела, што праблема з аказаннем меддапамогі ў Любішчыцах не стаіць: горад блізка, калі што якое, «хуткая» даязджае хутка, ды і дабрацца да паліклінікі – справа дзесяці хвілін, калі маеш аўтамабіль. Ёсць свой дабротны ФАП, які абавязкова ўкамплектуюць фельчарам (мы туды завітвалі), рэалізацыя лекаў вядзецца там санітаркай штодня. І ў дадатак да гэтага – ФАП перасовачны. Памочнік урача не толькі дзяжурыць у ім, але і заходзіць у хаты – туды, дзе чакаюць медработніка, ставіць уколы, кансультуе.
Іншая справа Міронім. Да райцэнтра, да паліклінікі не блізка, моладзі ў вёсцы мала, у асноўным пажылыя людзі з букетам хвароб. Так, там бывае доктар з Быценскай амбулаторыі, з Быцені прыязджае і «хуткая», аднак свайго фельчара ў вёсцы няма з той пары, як закрыўся Міронімскі ФАП. Яго замяніў перасовачны ФАП, які цяпер бывае ў вёсцы кожны тыдзень па аўторках.

Не адразу пазітыўна гэтае новаўвядзенне ўспрыняло насельніцтва – усё ж мець медыка ў крокавай даступнасці было больш зручна, чым чакаць яго прыезду. Аднак, калі судзіць па меркаваннях міронімцаў, што прыходзілі ў перасоўны ФАП у дзень візіту журналістаў, да новага фармату медабслугоўвання людзі ў сваёй большасці прызвычаіліся і прэтэнзій не маюць. Першая, хто сустрэўся нам у ФАПе, – сацыяльны работнік Галіна Раждзественская, і вось што яна расказала:
– Людзі прывыклі да перасоўнага медкомплексу. Ва ўсякім разе, мае падапечныя не скардзяцца, вельмі палюбілі яны медработніка, яе паважаюць за стаўленне да людзей, за дабрыню і прафесіяналізм. Адно што старым людзям цяжка падымацца ў ФАП па прыступках. Калі хто з іх не можа прыйсці сюды па лекі, я купляю і прыношу сама. Магу забраць выпісаныя рэцэпты – простыя, не ільготныя. Я і сама ў ФАП звяртаюся як пацыент, каб ціск памераць ці кардыяграму зрабіць – падабаецца абслугоўванне.
Тым часам да ФАПа падышла яшчэ адна наведвальніца, 76-гадовая Юлія Андрэеўна Качабан:
– Няхай нашай, як мы тут кажам, дактарыцы дасць Бог здароўечка. Спагадлівая, душэўная жанчына. Залаты чалавек у нас паявіўся, наша выратавальніца. І ціск мерае нам, і слухае, і ўсё-ўсё-ўсё. Сёння я зайшла за лекамі, звычайна тут іх бяру, можна заказаць таблеткі ці ўколы – і прывозяць. Раз на тыдзень прыязджае ФАП у Міронім – нам гэтага хапае. Задавальняе ФАП на колах і Марыю Акімаўну Ходар:
– Не трэба думаць, дзе знайсці парашкі. Хоць дзесяць разоў спынюся, пастаю па дарозе да ФАПа, аднак дайду і куплю – і ведаю, што яны ёсць у мяне. 82 гады мне споўнілася, адхадзілі ногі. Я ў самую вайну нарадзілася. Маці за мяне – і ў каробку, накрыла радзюгаю – і ў лес. Цяжкім было дзяцінства. А зараз няма здароўя, адна нага была ўжо ў яме, адна наверсе… Я не супраць гэтага ФАПа. І не супраць была б, каб застаўся той, што быў, – ён бліжэй, і пакалолі б мяне там, і фельчар зайшоў бы. Аднак які ёсць, такі і добра.
Якія паслугі аказваюць у медкомплексе?

Памочнік урача агульнай практыкі Кацярына Вярбіцкая размаўляе з жанчынамі, быццам ведае пра іх усё. І сапраўды – яна помніць многа: і дзе яны жывуць, і чым хварэлі, і іх жыццёвыя гісторыі, ад якіх, здараецца, ледзянее сэрца. Яе спагада лечыць не горш за лекі. У медыцыне Кацярына Рыгораўна ўжо 30 гадоў. Сама родам са Столінскага раёна, аднак усё яе працоўнае жыццё звязана з нашым раёнам. 17 гадоў была фельчарам на ФАПе ў Аляксейках, потым медсястрой, памочнікам урача ў раённай паліклініцы. І ўжо ў той час ездзіла па раёне – то на адзін ФАП, то на другі, каб выпісаць людзям лекі і па іншых пытаннях, звязаных з выкананнем службовых абавязкаў. Некаторы час сумяшчала работу ў паліклініцы і на Зеленаборскім ФАПе, пакуль не перайшла працаваць у перасоўны ФАП у жніўні 2023 года.
– Спачатку было непрывычна быць шмат часу ў дарозе, трэба моцны вестыбулярны апарат. У астатнім, работа была не ў навінку. Гэта тое самае, што прымаць людзей у кабінеце, толькі гэты кабінет – на колах, – расказвае памочнік урача. – Спатрэбіўся час, каб пазнаёміцца з людзьмі і прыстасавацца да іх, знайсці агульную мову, даведацца гісторыю хваробы, чым лячыліся, у якіх прэпаратах маюць патрэбу. Цяпер я ўжо ўсё, што павінна, пра кожнага наведвальніка ведаю, і працаваць не цяжка. Я справу сваю люблю і вяскоўцаў паважаю і разумею. Цяпер пра паслугі медыцынскага комплексу. У перасоўным ФАПе вядзецца амбулаторны прыём, падчас якога медработнік мерае ціск – артэрыяльны і, калі трэба, унутрывочны, слухае пацыента, мерае сатурацыю, а ў дыябетыкаў пры дрэнным самаадчуванні і для кантролю – узровень цукру ў крыві. Тут вядзецца забор аналізу крыві – агульнага і біяхімічнага (рэзультаты можна даведацца ў амбулаторыі па месцы жыхарства), можна зрабіць кардыяграму, прышчэпкі супраць грыпу (больш за 200 вяскоўцаў скарысталіся гэтай магчымасцю) і кавіду. У медкомплексе ёсць кабінет акушэркі, час ад часу яна праводзіць у ім агляды. У гэтым годзе за ФАПам замацавалі і ўрача акушэра-гінеколага, які будзе праводзіць прыём у пэўныя дні. Медкомплекс замяняе сельскім жыхарам аптэку. У перасоўным ФАПе можна прайсці дыспансерызацыю. Ёсць у медработніка спісы насельніцтва, і праз старасту людзі запрашаюцца на ФАП, каб запоўніць анкеты, зрабіць кардыяграму, здаць аналіз і прайсці агляд у акушэркі ці гінеколага. Хто не прыйдзе, да таго даедуць. Памочнік урача завітвае і ў дамы да пацыентаў. Напрыклад, людзі ведаюць, што з 10.00 да 12.00 ФАП будзе дзяжурыць у іх вёсцы; яны могуць пазваніць медработніку ці звязацца з ім праз старасту, сацработніка і папрасіць, каб у гэты час ён пад’ехаў да хворага з высокай тэмпературай ці завітаў да інваліда. Вадзіцель перасоўнага ФАПа Віктар Харза гаворыць, што зімой у медкомплекса ёсць адзін вораг – нячышчаныя дарогі. І неаднаразова даводзілася звяртацца па дапамогу ў сельгаспрадпрыемствы, каб іх тэхніка выцягнула засеўшы ў снезе ФАП, ды і сам Віктар часта бярэцца за рыдлёўку. ФАП выраблены на базе аўтобуса ПАЗ: добра заводзіцца ў маразы, аднак не надта манеўраны, здараюцца і паломкі. Ёсць і новыя, удасканаленыя яго версіі – на базе МАЗа, можа, аднойчы ў ЦРБ атрымаецца займець і такі? Аднак нават з улікам усіх акалічнасцей пусціць такі медыцынскі комплекс па раёне – добрая ідэя, бо гэта і значна эканоміць бюджэтныя сродкі, і робіць меддапамогу больш даступнай для жыхароў маленькіх аддаленых вёсачак. Нават калі ў ёй адзін жыхар, ФАП паедзе і да яго – па графіку, які складаецца загадзя і друкуецца на старонках і ў сацсетках «ІВ».
Мы прывялі прыклад абслугоўвання такім ФАПам двух розных населеных пунктаў – прыгараднага, дзе ёсць стацыянарны ФАП, вёскі, дзе ФАП быў, але зачыніўся, а яшчэ ж ёсць і такія населеныя пункты, дзе ўстановы аховы здароўя не было ніколі – накшталт Рацкевічаў. Не так і часта людзі бачылі там фельчара, а зараз медработнік можа прыехаць і пад самую хату, што, несумненна, плюс. Мяняецца жыццё – мяняюцца і формы работы. Патрабаванне адно – якасць паслуг. У перасоўным ФАПе павінна быць цёпла і светла, ён павінен курсіраваць па дакладным графіку, трэба стварыць умовы, каб чалавек змог без асаблівых цяжкасцей падняцца ў аўтобус па прыступках. У памочніка ўрача і вадзіцеля павінны з’явіцца дублёры на перыяд іх адпачынку. За паўтара гады падымаўся шэраг пытанняў, да якіх прыслухалася кіраўніцтва, работа ўдасканальваецца і будзе ўдасканальвацца далей. А да насельніцтва просьба адна – з разуменнем стаўцеся да перамен і абавязкова звяртайцеся ў перасоўны ФАП. Знайдзіце час і сілы, каб прайсці дыспансерызацыю, клапаціцеся пра сваё здароўе – гэта задача нумар адзін для кожнага з нас.
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.

Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Источник https://ivatsevichy.by/2024/01/27/

 

Мы на карте

Регистратура 8(01645) 9-53-53

Приемная 8(01645) 9-10-26

Горячая линия 8(01645) 9-10-26

0800-1300
1400-1700

Адрес электронной почты защищен от спам-ботов. Для просмотра адреса в вашем браузере должен быть включен Javascript.