Russian Belarusian English
rtmoivc@brest.by Регистратура 8(01645) 9-53-53 Приемная 8(01645) 9-10-26 Горячая линия 8(01645) 9-10-26 0800-1300 1400-1700

Маладое папауненне

 11 УРАЧОЎ, 28 ФЕЛЬЧАРАЎ І МЕДСЯСЦЁР – СТОЛЬКІ МАЛАДЫХ СПЕЦЫЯЛІСТАЎ-МЕДЫКАЎ ПРЫСТУПІЛІ ДА ПРАЦЫ Ў НАШЫМ РАЁНЕ З 1 ЖНІЎНЯ

Дзякуючы традыцыйнаму летняму папаўненню ўдалося закрыць шэраг вакансій, у тым ліку на сяле. 11 спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй – гэта пяць урачоў агульнай практыкі, два акушэры-гінеколагі, псіхіятр-нарколаг, анестэзіёлаг-рэаніматолаг, урач педыятр участковы і стаматолаг-тэрапеўт. Сямёра з іх вучыліся па мэтавым накіраванні і будуць працаваць у раёне мінімум пяць гадоў.

Сем спецыялістаў застануцца ў Івацэвічах, адзін акушэр-гінеколаг накіраваны ў Целяханскую гарадскую бальніцу, тры ўрачы агульнай практыкі будуць працаваць у амбулаторыях у Даманаве, Амяльной і Быцені.

– Застаюцца неўкамплектаванымі Квасевіцкая і Вулька-Аброўская амбулаторыі. Але дваіх урачоў агульнай практыкі ўсё ж пакінулі ў Івацэвічах, – расказвае пра сітуацыю з кадрамі галоўны ўрач Івацэвіцкай ЦРБ Васіль Юзефовіч. – У мінулым годзе з 17 урачоў агульнай практыкі сем пайшлі ў водпуск па доглядзе дзіцяці. Гэта радуе, але ж у аддзяленні агульнаўрачэбнай практыкі некамплект. Планавалася, што сёлета выйдуць з аналагічнага водпуску тры ўрачы, але дзве з іх ізноў сталі мамамі, і па факце толькі адна доктар вяртаецца да работы.

Івацэвіцкая ЦРБ з радасцю прыняла б яшчэ акушэраў-гінеколагаў (прыбыўшы малады ўрач глабальна праблему не вырашыў), траўматолагаў (прыём даволі часта вядуць хірургі), рэнтгенолагаў (адзін спецыяліст для ЦРБ рыхтуецца – праходзіць інтэрнатуру ў Брэсце), урачоў ультрагукавой дыягностыкі (адзін урач накіраваны на перападрыхтоўку). З 1 жніўня на базе ЦРБ праходзяць інтэрнатуру тры ўрачы-інтэрны: сямейная пара – хірург і акушэр-гінеколаг, а таксама стаматолаг. Інтэрнаў у райбальніцы сёлета небагата, нягледзячы на патрэбу і заяўку. Не абышлося і без сюрпрызаў – не ўсе ўрачы, размеркаваныя ў Івацэвіцкую ЦРБ, да яе даехалі, бо пераразмеркаваліся ці па іншых прычынах.

Калі казаць пра сярэдні медыцынскі персанал, то фельчараў і медсясцёр размеркавалася 28, з іх 17 вучыліся па мэтавым накіраванні і будуць адпрацоўваць тры гады. Чацвёра фельчараў трапілі ў аддзяленне хуткай дапамогі – двое на івацэвіцкі і двое на быценскі пасты, якія ў параўнанні з целяханскім укамплектаваныя горш. Магчымасць падпрацаваць на «хуткай» будзе ў маладых фельчараў, накіраваных на ФАПы, – у некаторых ёсць такое жаданне і магчымасць.

Чатыры ФАПы, якія апошнім часам абыходзіліся без медыка, які працаваў бы ў іх на пастаянная аснове (Яблонскі, Волькаўскі, Доўгаўскі і Зеленаборскі), з 1 жніўня ўкамплектаваныя фельчарамі. Некамплект у Запалянскім, Сялецкім, Сомінскім, Хадакоўскім ФАПах і ФАПе Даманаўскага ваеннага гарнізона. Туды будуць прыязджаць медыкі з суседніх населеных пунктаў – на ўмовах работы па сумяшчальніцтве. І ў дадатак да гэтага па вёсках будзе курсіраваць перасовачны медкомплекс Івацэвіцкай ЦРБ.

Шасцёра фельчараў будуць працаваць у ЦРБ памочнікамі ўрача, адзін накіраваны ў Целяханскую бальніцу. Медыцынскіх сясцёр дадалося як у ЦРБ, так і ў бальніцах у Косаве і Целяханах. Дарэчы, два сярэднія медработнікі прыехалі ў Івацэвічы з даведкай аб самастойным працаўладкаванні – маюць свабодныя дыпломы. Іх працаўладкавалі.

Усім маладым спецыялістам прапанавалі жыллё – кватэры, пакоі ў інтэрнаце ці месца ў пакоі. Хтосьці вырашыў здымаць кватэры. Бальніца часткова кампенсуе выдаткі маладых спецыялістаў на арэнду жылля (дзве базавыя велічыні ў месяц).

Падводзячы вынікі, галоўны ўрач падкрэсліў, што, нягледзячы на недахоп медыцынскіх кадраў у раёне, на Брэстчыне сітуацыя з укамплектаванасцю медустаноў адна з лепшых у краіне. Усё, што залежыць ад адміністрацыі для прыцягнення і замацавання кадраў, зроблена, але ў прыезджых ёсць відавочная прычына для ад’езду пасля адпрацоўкі – яны едуць дамоў ці ў вялікія гарады, калі не сустрэлі ў Івацэвічах свой лёс – мужа ці жонку. Бальніца праводзіць мэтанакіраваную работу па выдачы мэтавых накіраванняў моладзі з нашага раёна, якія замацуюцца з большай верагоднасцю, чым усе астатнія. Работнікі ЦРБ і сам кіраўнік бальніцы выязджаюць у навучальныя ўстановы – для прафарыентацыі, запрашаюць, агітуюць, прапануюць, тлумачаць. Прыём дакументаў у некаторыя навучальныя ўстановы яшчэ ідзе, на дадзены момант вядома: каля 20 ураджэнцаў нашага раёна ўзялі мэтавыя накіраванні ў медкаледжы, што ў Слоніме, Пінску, Брэсце. Дарэчы, паступаць на фельчара ці медсястру цяпер можна і пасля 9 класа.

Слова – маладым спецыялістам

Спыталі пра іх уражанні ад першага месца работы. І вось што яны расказалі журналісту пра сябе, пра свой выбар на карысць медыцыны і пра свае планы на жыццё.

Ларыса Лазоўская, урач анестэзіёлаг-рэаніматолаг:
– Я з Баранавічаў і там праходзіла інтэрнатуру. Была гатова да таго, што прыеду ў Івацэвічы, бо вучылася па мэтавым накіраванні. Брала яго, каб адчуваць сябе больш упэўнена пры паступленні ў Мінскі медуніверсітэт, дзе дастаткова высокі конкурс. Ужо пасля думалася: шкада, што я мэтавік – камусьці адпрацоўваць два гады, а мне ажно пяць. З іншага боку, працаваць усё роўна трэба, а ў Івацэвічах харошыя ўмовы, у рэанімацыйным аддзяленні ўсё новае, тут даволі прасторна. І калектыў прыветлівы – калегі падказваюць, дапамагаюць. Сустрэлі мяне добра.

Зразумела, у рэанімацыі не бывае лёгка. Ужо паспела адчуць нагрузку. Але я люблю сваю спецыяльнасць за драйв, за адрэналін, за тое, што можна хутка ўбачыць вынік сваёй працы, а інакш засумавала б.

Жыву ў арэнднай кватэры – у маласямейцы. Горад яшчэ ўбачыць не паспела. Ці застануся тут – не ведаю. Пакуль мая задача набірацца вопыту. У маёй сям’і медыкаў няма – я першаадкрывальнік. Пайшла ў медыцыну, бо было цікава, як устроены чалавек. І цікавасць да прафесіі не згасае, да таго ж справа наша высакародная – вяртаць людзей да жыцця.

Валерыя Велясніцкая, урач акушэр-гінеколаг:
– Мне хацелася трапіць на работу ў Івацэвічы па размеркаванні найперш таму, што ў ЦРБ працуе мая сястра. Яна ўрач неўролаг, зараз у адпачынку па доглядзе дзіцяці. Сястра дзялілася ўражаннямі, і яе водгукі пра калектыў, пра ўмовы працы былі станоўчымі. Мы з сястрой нарадзіліся ў Століне, а вучыліся ў Гродзенскім медуніверсітэце.

Калі паступала ва ўніверсітэт, ведала, што буду менавіта акушэрам-гінеколагам, імкнулася да гэтага. Інтэрнатуру праходзіла ў Брэсцкім радзільным доме. Там вельмі кваліфікаваныя ўрачы, у іх многаму можна навучыцца. Тут таксама ўжо была на родах і на кесарава. Задаволеная, што прадставілася такая магчымасць – усё гэта вопыт. Увогуле ж буду працаваць у жаночай кансультацыі, мой прыём – сельскі. Тое, што работы будзе шмат і давядзецца час ад часу працаваць то тут, то там, не палохае. Чым больш мяне будуць прыцягваць да рознай работы, тым больш я буду ўмець. мяне добра сустрэлі. А наконт планаў… Не загадваю. Як будзе, так будзе. Хочацца ўзяць ад кожнага года ўсё магчымае.

Здымаю кватэру ў Івацэвічах. Некаторых калег з ліку маладых спецыялістаў ведаю: хтосьці са Століна, з кімсьці вучыліся разам. Спадзяюся сустрэць тут сяброў.

Вераніка Сярдзючэнка, фельчар Яблонскага ФАПа (аг. Воля):
– Я грамадзянка Украіны, разам з бацькамі з Харкаўскай вобласці пераехала ў аг. Воля 8 гадоў таму. Пасля заканчэння Косаўскай школы вывучылася на цырульніка, але хутка зразумела – не маё. І паступіла на фельчара ў Слонімскі медкаледж. Брала мэтавае накіраванне, спадзявалася, што патраплю па размеркаванні ў аддзяленне хуткай дапамогі. Але перавагу аддаюць хлопцам, і я трапіла на ФАП. Праўда, мела магчымасць выбраць, куды іменна паеду. Выбрала той, што бліжэй да дома, і жыву разам з бацькамі.

Раблю толькі першыя крокі ў прафесіі, унікнуць ва ўсё адразу цяжка, тым больш што Яблонскі ФАП у апошні час быў без фельчара, які б працаваў тут пастаянна. Мне далі настаўніка – фельчара Гошчаўскага ФАПа, і яна падказвае, вучыць мяне. Паступова ўсё стане на свае рэйкі.

Не пайшла адразу вучыцца на медыка, бо здавалася, што тое складана, адказна і мне не па плячы. Пабачым, ці спадабаецца мне мая другая прафесія. Пакуль думак пра трэцюю не маю. Калі ўжо зусім ніяк – не страшна, пайду вучыцца зноў. Аднак у медкаледжы мне было цікава, а цяпер цікава навучыцца прымяняць свае веды на практыцы.

Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.

Источник: https://ivatsevichy.by/2023/08/17/

 

Мы на карте

Регистратура 8(01645) 9-53-53

Приемная 8(01645) 9-10-26

Горячая линия 8(01645) 9-10-26

0800-1300
1400-1700

Адрес электронной почты защищен от спам-ботов. Для просмотра адреса в вашем браузере должен быть включен Javascript.