Russian Belarusian English
rtmoivc@brest.by Регистратура 8(01645) 9-53-53 Приемная 8(01645) 9-10-26 Горячая линия 8(01645) 9-10-26 0800-1300 1400-1700

У РЭЧКАЎСКАЙ АМБУЛАТОРЫІ – РАМОНТ

 

Будынак, якому больш за 50 гадоў, хутка будзе выглядаць больш сучасна найперш унутры для большага камфорту пацыентаў і медыкаў – калектыў тут малады, а амбулаторыя абслугоўвае каля 1 400 сельскіх жыхароў.

За палову стагоддзя Рэчкаўская амбулаторыя ўрача агульнай практыкі глабальна не рамантавалася ні разу. Выгоды на вуліцы, падлога драўляная, інтэр’ер яшчэ савецкі – самі разумееце, якая тут была ўтульнасць, хоць медыкі заўжды імкнуліся падтрымліваць парадак. Аб’ектыўна – з усіх амбулаторый раёна ёй найбольш патрабаваўся марафет.

Рамонт стаў магчымым дзякуючы сур’ёзнай дапамозе ААТ «Горталь» і ААТ «Целяханскі завод сталярных вырабаў». Сельгаспрадпрыемства ўзяло на сябе львіную долю затрат, закуп будматэрыялаў, забяспечыла работнікамі, ЗСВ адказвае за вытворчасць і ўстаноўку акон і дзвярэй для амбулаторыі. Часткова рамонтныя работы фінансуюцца з бюджэту. Ужо і зроблена нямала: поўнасцю замянілі каналізацыю, выбарачна – водаправод, выканалі электратэхнічныя і слабатокавыя работы, дэманціравалі старую падлогу, зрабілі сцяжку і пачалі ўкладку пліткі, зараз тынкуюцца, шпаклююцца папярэдне ачышчаныя сцены. Наперадзе – замена шклопакетаў і дзвярэй, рамонт санвузла (у памяшканні з’явіцца прыбіральня), аддзелачныя работы і нарэшце – устаноўка новай мэблі і абсталявання. Будзе абсталяваны акушэрскі кабінет, фізіятэрапеўтычны кабінет і дзённы стацыянар, якія існавалі ў амбулаторыі раней, прадоўжаць сваю работу, і знаходзіцца там будзе куды больш прыемна. Плануецца, што на новы заменяць і драўляны плот вакол амбулаторыі, выканаюць некаторыя вонкавыя работы.

 

– Сельскія ўстановы аховы здароўя імкнёмся падтрымліваць на належным узроўні, тым больш калі яны жыццяздольныя і перспектыўныя, як амбулаторыя ў Рэчках, – ёй быць і быць яшчэ доўга, улічваючы лік насельніцтва ў гэтым рэгіёне. І да сельскіх людзей трэба ставіцца з не меншай увагай, чым да гараджан, медыцынская дапамога павінна быць даступнай усюды, павінна быць якаснай, – лічыць галоўны ўрач УАЗ «Івацэвіцкая ЦРБ» Васілій Юзефовіч. – Я ад імя ўсіх мясцовых жыхароў удзячны за дапамогу нашым спонсарам, асабіста кіраўнікам Міхаілу Міхайлавічу Кату, дырэктару ААТ «Горталь», Віктару Віктаравічу Кананчуку, дырэктару ААТ «Целяханскі ЗСВ», – за ўдзел у рашэнні нашых праблем, нягледзячы на наяўнасць сваіх, за разуменне таго, што іх уклад – гэта найперш уклад у здароўе іх землякоў.

Усе сельскія ўстановы аховы здароўя ў раёне будуць адрамантаваныя, многія – з прыцягненнем спонсарскай дапамогі. Канечне, не ўсюды з размахам, але ёсць і такія ФАПы, дзе касметычным рамонтам не абмяжуюцца. На Целяханшчыне сур’ёзна ўзяліся за Выганашчанскі ФАП, наступным будзе ФАП у Краях (з заменай акон, дзвярэй і будаўніцтвам санвузла). У першую чаргу сродкі ўкладваюцца ў тыя сельскія ўстановы аховы здароўя, за якімі замацавана найбольш насельніцтва. На тэрыторыі Рэчкаўскага сельсавета акрамя амбулаторыі ёсць яшчэ ФАПы ў Краях і Рудні, куды выязджае на прыём урач агульнай практыкі, дзе вядзецца забор аналізаў для зручнасці насельніцтва.

Для замацавання кадраў…

Галоўны ўрач Івацэвіцкай ЦРБ падкрэсліў, што калектыў у Рэчкаўскай амбулаторыі малады, і дастойныя ўмовы працы неабходныя і для замацавання кадраў. Нядаўна прыступіў да работы ў Рэчкаўскай лабараторыі ўрач агульнай практыкі Мікіта Беразюк. Дапамагаюць яму памочнік урача агульнай практыкі Павел Якімовіч і медсястра Анастасія Харужая – абодва маладыя спецыялісты, а таксама акушэрка і медсястра па сумяшчальніцтве Вераніка Кот, санітарка Галіна Собка, вадзіцель Сяргей Лукашэвіч (прымае ўдзел у рамонце).

Памочнік урача агульнай практыкі Павел Якімовіч сустрэў журналістаў у мясцовым дзіцячым садку – часова амбулаторыя пераехала ў адно з яго памяшканняў. Павел – хлопец мясцовы, з Горталя. Скончыў Пінскі медкаледж і прыехаў у Рэчкі па размеркаванні. Жыве дома, таму штодня пераадольвае адлегласць у 12 км у адзін бок на машыне ці матацыкле, каб дабрацца да месца працы. Пра ўмовы ў амбулаторыі кажа так: «Канечне, былі пытанні, усё старое, але неяк прыстасаваліся. Спадзяёмся, усё паціху наблізіцца да сучасных патрабаванняў. Моладзі хочацца працаваць у лепшых умовах». Павел не шкадуе, што выбраў медыцыну, адно толькі не плануе заставацца памочнікам урача – падпрацоўвае ў Целяханах на «хуткай» і ў далейшым хацеў бы замацавацца там.

За Рэчкаўскай амбулаторыяй урача агульнай практыкі замацавана насельніцтва з Рэчак, Краёў, Рудні і Гуткі – усяго каля 1 400 чалавек. З іх нямала дзяцей. Ёсць магчымасць набрацца вопыту. Павел адзначае, што вяскоўцы ў большасці сваёй да доктара ставяцца з павагай, «хуткую» тут выклікаюць нячаста – звяртаюцца да сваіх медыкаў і іх меркаваннем даражаць. Гэта радуе і матывуе.

Рамонт у Рэчкаўскай амбулаторыі плануюць скончыць да пачатку ацяпляльнага сезона. А пакуль галоўны ўрач райбальніцы просіць мясцовых жыхароў ставіцца з разуменнем да часовых нязручнасцей: рэзультат павінен апраўдаць спадзяванні.

Вольга ШЭЛЯГОВІЧ. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Источник https://ivatsevichy.by/2023/07/16/

 

Мы на карте

Регистратура 8(01645) 9-53-53

Приемная 8(01645) 9-10-26

Горячая линия 8(01645) 9-10-26

0800-1300
1400-1700

Адрес электронной почты защищен от спам-ботов. Для просмотра адреса в вашем браузере должен быть включен Javascript.