Russian Belarusian English
rtmoivc@brest.by Регистратура 8(01645) 9-53-53 Приемная 8(01645) 9-10-26 Горячая линия 8(01645) 9-10-26 0900-1000

Ала Гембар – выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь

 Загадчыца акушэрска-гінекалагічнага аддзялення стацыянара УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ” Ала Гембар стала лаўрэатам першай ступені ў намінацыі “Урач-акушэр-гінеколаг рэспубліканскага конкурсу “Урач года Рэспублікі Беларусь – 2017”. Ала Мікалаеўна за добрасумленную працу ўзнагароджана нагрудным знакам “Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь”

 У сувязі з гэтай нагодай адбылася наша кароткая сустрэча. Кароткая, бо ў родзале ў гэты момант праходзілі роды, і Ала Мікалаеўна, як загадчыца аддзялення, была заклапочаная, каб усё прайшло добра, без ускладненняў і для маці, і для немаўляці. Толькі яна аб гэтым сказала на развітанне, а так трымала эмоцыі і сябе ў руках. І гэта выклікала павагу: уменне захоўваць спакой у любой сітуацыі – гэта не толькі добрыя чалавечыя якасці, гэта прафесіяналізм.

– Ала Мікалаеўна, якія эмоцыі выклікала вестка пра перамогу ў конкурсе і высокую ўзнагароду?

– Прыемна, вядома, што твая праца прызнана на высокім узроўні. Але перамога не была маёй мэтай. Для мяне галоўнае, каб цяжарныя жанчыны выпісваліся ад нас здаровымі і былі шчаслівыя, што сталі мамамі здаровых дзетак. 

– Колькі іх сёння нараджаецца?

– За год прыкладна 340-350 дзяцей. Іншымі словамі, прыкладна адно дзіця ў дзень. Зараз у аддзяленні шэсць парадзіх. 

– А Вы лічылі, колькі ўсяго прынялі родаў?

– З 340 родаў, што прымаюцца ў год у нашым акушэрска-гінекалагічным аддзяленні, пэўна 300 будуць мае. Калі гэта памножыць на 22 гады, і будзе амаль дакладная лічба.

– Складаныя роды бываюць часта?

– У нас нараджаюць здаровыя жанчыны. Калі паталогія – адпраўляем у перынатальныя цэнтры ў Баранавічы, Брэст. Але калі цяжкія выпадкі здараюцца, мы абавязкова адсочваем стан здароўя дзіцяці і яго мамы, цікавімся, з якімі паказчыкамі яны выпісваюцца. Гэта як у маці, калі дзіця захварэе, яно для яе становіцца самым дарагім, пакуль не паправіцца. 

На здымку: Ала Гембар пасля прыняцця родаў – нарадзіўся хлопчык вагой 3 кг 250 г.

–Акушэрства – самая складаная галіна ў медыцыне. Памятаеце, як у кнізе Булгакава “Запіскі маладога ўрача”, урач прымаў складаныя роды – часу на роздум няма. Работа наша круглыя суткі патрабуе быць пастаянна ў тонусе. Кожныя роды працякаюць па-свойму, і трэба ўмець прымаць у любой сітуацыі дакладнае рашэнне. Навучылася ўсё рабіць хутка. Вось у нядзелю мінулую пазванілі, што паступіла жанчына з падазрэннем на адслойку плацэнты і крывацёкам. Тут ужо без роздуму садзішся і едзеш з дому ў аддзяленне, бо прамаруджванне на хвіліну, на секунды можа каштаваць жыцця дзіцяці, а то і маці. Спіш з тэлефонам… Калі здараецца паехаць у лес, на прыроду з сям’ёй, то сілы аднаўляюцца і стомленасць, як рукой здымае. Разам з мужам і дзецьмі мы больш любім актыўны адпачынак, велапрагулкі. А падчас водпускаў падарожнічаем сям’ёй па Еўропе. 

–Пэўна, з дзяцінства марылі стаць доктарам?

–Выйшла ўсё выпадкова і…не выпадкова. Лёс. У нашым родзе медыкаў не было: мама – настаўніца, бацька – інжынер. У першы год, калі не паступіла ў медыцынскі, працаўладкавалася санітаркай у хірургічнае аддзяленне Івацэвіцкай райбальніцы. І зразумела, быць доктарам – гэта маё. Азам акушэрства вучылася на базе Баранавіцкага раддома, дзе праходзіла інтэрнатуру, там самастойна прымала першыя роды. У 1996 годзе вярнулася ў Івацэвіцкую ЦРБ, працавала акушэрам-гінеколагам жаночай кансультацыі і падпрацоўвала ў гінекалагічным аддзяленні стацыянара.

– Як адносяцца Вашы дзеці да таго, што мамы ніколі няма дома?

– Прывыклі. З дзяцінства зразумелі, якая ў мамы работа. Яны ў мяне, дзякаваць Богу, выраслі самастойнымі і адказнымі. Мне не трэба было з імі вучыць урокі, яны: і дачка, і сын, вучыліся добра. Дачка атрымлівае вышэйшую адукацыю, і мне трэба пастаянна павышаць свой прафесіяналізм, дадаваць вопыту, не губляць інтуіцыю…

– Пра Вас, як прафесіянала сваёй справы, даўно ходзяць чуткі сярод жанчын. Гадоў больш за пяць Вы кіруеце акушэрска-гінекалагічным аддзяленнем стацыянара Івацэвіцкай ЦРБ. Да Вашых парад прыслухаюцца маці, якія чакаюць дзіця. Што пажадаеце ім?

– Адносіцца больш адказна да цяжарнасці. Сённяшнія парадзіхі знаходзяцца пад шчыльнай апекай сваіх мамачак і капрызяць лішне, не задумваючыся, як гэта адбіваецца на стане дзіцяці. Іншыя кураць, лад жыцця вядуць легкадумны, а потым здзіўляюцца, чаму дзіця ў іх нарадзілася нездаровае. Таму пажаданне адно – прыкладваць усе намаганні, каб захаваць і сваё здароўе, і дзіцяці, выконваць рэкамендацыі ўрачоў. Яны ў нас вопытныя. Тады і пасля родаў жанчына здолее хутка ўзнавіць свае сілы і не будзе мець наступстваў для свайго здароўя. Здароўе будучага дзіцяці і ў станоўчых эмоцыях мамы – цяжарнасці трэба радавацца.

Валянціна БОБРЫК. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА. На здымку Ала Гембар пасля прыняцця родаў –  нарадзіўся хлопчык вагой 3 250 г.

Мы на карте

Регистратура 8(01645) 9-53-53

Приемная 8(01645) 9-10-26

Горячая линия 8(01645) 9-10-26

0900-1000

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.