Russian Belarusian English
rtmoivc@brest.by Регистратура 8(01645) 9-53-53 Приемная 8(01645) 9-10-26 Горячая линия 8(01645) 9-10-26 0800-1700

Паспець за 120 хвілін

 У Віктара Васільевіча, 66-гадовага пенсіянера з Івацэвічаў, вечарам разбалелася ў грудзях. Боль быў вельмі моцны, пякучы, адчуваўся за грудзінай, аддаваўся аж недзе за лапаткай, у левым плячы, нават у шыі. Мужчына прыняў таблетку нітрагліцэрына. Боль як быццам зменшыўся, але ўсё роўна адчуваліся дыскамфорт, слабасць, узніклі беспадстаўныя трывога, страх; яго рэзка кінула ў пот. 

Мужчына прыняў яшчэ адну таблетку, выклікаў “Хуткую”.

Брыгада медыкаў, якая прыехала да дома, дзе пражывае Віктар Васільевіч, зрабіла электракардыяграму. Вывучэнне яе паказала: патрабуецца тэрміновая шпіталізацыя; медработнікі Івацэвіцкай ЦРБ – кардыёлаг, рэаніматолаг – пракансультаваліся паміж сабой, пасля з калегамі з Баранавічаў, па вайберы накіравалі ім усе паказчыкі. Пасля калегіяльна прынялі рашэнне: найлепшы выхад – правесці стэнціраванне, гэта значыць, трэба як мага хутчэй даставіць хворага ў Баранавічы, дзе праводзяцца падобныя аперацыі. Аўтамабіль “Хуткай” адразу ж, не заязджаючы ў ЦРБ, паімчаў з хворым у гэты горад за 70 кіламетраў… Менш, чым праз 120 хвілін пасля адчування болі ў грудзях, Віктар Васільевіч у перадінфарктным стане трапіў на бальнічны ложак, баранавіцкія медыкі правялі аператыўнае медыцынскае ўмяшальніцтва, у каранарную артэрыю ўстанавілі стэнт – спецыяльную трубку, жыццё пенсіянера выратавалі, бо існавала рэальная пагроза інфаркту. Віктар Васільевіч адчуў сябе значна лепш...

Падобны алгарытм дзеянняў у Івацэвіцкай ЦРБ распрацаваны і ўкаранёны ў 2017-м годзе. Спачатку ён дзейнічаў толькі ў дзённы час. Раней у нашым раёне лячылі хворых без стэнціравання, абыходзіліся тромбалізісам, інакш кажучы, ужывалі лекавыя сродкі для рассмоктвання тромба, выкарыстоўвалі іншыя метады, каб пазбегнуць інфаркту міякарда. 

А з 2018-га года ў медыкаў Івацэвіцкай ЦРБ з’явілася магчымасць кругласутачна дастаўляць пацыентаў у Баранавіцкую гарадскую бальніцу на стэнціраванне – аператыўнае медыцынскае ўмяшальніцтва, калі хвораму ў каранарную артэрыю ўстанаўліваюць спецыяльную трубку – стэнт. Гэта дазваляе аднавіць кровазварот у звужаных сасудах сэрца і, адпаведна, палепшыць стан здароўя хворага. 

Вось лічбы: у мінулым чэрвені ў Івацэвіцкай ЦРБ зафіксаваны 17 фактаў вострага каранарнага сіндрому ў пацыентаў, трох з іх “Хуткая дапамога” імгненна завезла ў Баранавічы на стэнціраванне, астатнія 14 чалавек трапілі ў рэанімацыйнае аддзяленне нашай райбальніцы, дзе з імі працавалі нашы медыкі.  

– Жыццё і здароўе чалавека ў падобнай сітуацыі вельмі ў многім залежыць не толькі ад медыкаў, але і ад пацыента, – падкрэслівае Жанна Віннічак, кардыёлаг УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ”. – Тактыка лячэння нестабільнай стэнакардыі, вострага інфаркту міякарда прадугледжвае максімальна хуткае аднаўленне кровазвароту. Карацей, чым хутчэй хворы трапіць у поле зроку медыкаў, тым лепш. А з чым мы сутыкаемся на практыцы? Сутыкаемся вельмі часта з фактамі, калі чалавек з болямі ў грудзях думае-спадзяецца, што “пройдзе”, што “рассмокчацца”. Як вынік – цяжкія формы інфаркту, інвалідызацыя з усімі наступствамі...

– Важна разумець наступнае: інфаркт міякарда – захворванне, якое звязана з двума працэсамі, якія паступова праходзяць у сэрцы – атэрасклероз і трамбоз, калі з‘яўляюцца атэрасклератычныя бляшкі і ўтвараюцца тромбы. Па артэрыях, якія называюць каранарнымі, да міякарда, сардэчнай мышцы, паступае кроў. Калі адну з гэтых артэрый закупорвае крывяны згустак – тромб, то гэты ўчастак сэрца не забяспечваецца крывёй і кіслародам. Клеткі міякарда ў такой сітуацыі могуць пражыць нядоўга – таму вельмі важна як мага хутчэй прыняцца за лячэнне, аператыўна рэагаваць на болі ў грудзях, – падкрэслівае Жанна Віннічак.

У апошні час інфаркт міякарда імкліва маладзее – асабліва гэта тычыцца мужчын, хто мала цікавіцца ўласным здароўем, хто паліць цыгарэты, злоўжывае алкаголем. Многія нашы грамадзяне не кантралююць павышаны крывяны ціск. А звярніце ўвагу на тое, колькі сёння мужчын і жанчын маюць лішак вагі! Ці прыходзіцца здзіўляцца, што на сэрца кладзецца велізарная нагрузка?

– Кожны пацыент, хто перанёс інфаркт міякарда або быў у перадінфарктным стане, павінен разумець: верагоднасць паўторнага прыступу даволі высокая, – звяртае ўвагу Жанна Віннічак. – Гэта значыць, што медыцынскія прэпараты прыйдзецца прымаць усё далейшае жыццё. Гэта тычыцца і тых, хто прайшоў стэнціраванне. Прэпараты яны павінны прымаць штодзённа, каб жыць далей паўнавартасным жыццём. 

Вельмі добра, што жыхары нашага раёна могуць атрымліваць медыцынскую дапамогу на высокім узроўні. Але ж асноўнае – гэта прафілактыка захворванняў сэрца. 

Як пазбегнуць інфаркту міякарда? Карысныя парады ад Жанны Віннічак:

Падтрымлівайце ў норме артэрыяльны ціск, сачыце за ім.

Нармалізуйце ўзровень цукру ў крыві.

Многа рухайцеся! Ваша прагулка павінна быць не менш за 30 хвілін у дзень.

Адкажыцеся ад тытуню.

Зрабіце ўсё, каб скінуць лішнюю вагу; мінімум жывёльных тлушчаў; замест тлустай свініны і сала ўжывайце мяса птушкі, рыбу. Болей гародніны, садавіны!

Калі вам ужо споўнілася 40 гадоў, то адзін раз у год прайдзіце электракардыяграму, праверце ўзровень халестэрыну ў крыві, пракансультуйцеся на гэты конт з тэрапеўтам ці кардыёлагам.

Падрыхтаваў 

Аляксандр ГОРБАЧ.

Мы на карте

Регистратура 8(01645) 9-53-53

Приемная 8(01645) 9-10-26

Горячая линия 8(01645) 9-10-26

0800-1700

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.