Учреждение здравоохранения
"Ивацевичская центральная районная больница"
Мы на страже вашего здоровья.

9-53-53 (регистратура)
9-10-26 (приемная)

 г. Ивацевичи, ул. Толочко 10
email: rtmoivc@brest.by

Главная \ Наши новости \ Неўралогія заўтрашняга дня

Наши новости

« Назад

Неўралогія заўтрашняга дня 09.06.2017 08:41

У рамках канферэнцыі праводзіўся конкурс работ маладых вучоных, выданне зборніка навуковых работ, выставачныя экспазіцыі медабсталявання і медпрэпаратаў, прэзентацыя стэндавых дакладаў. 

 

Але чаму прынята рашэнне менавіта ў Івацэвічах правесці такое маштабнае мерапрыемства? З гэтым пытаннем аўтар публікацыі звярнуўся да Валянціна Рэдута, галоўнага неўролага Брэсцкай вобласці, і Віктара Варанко, галоўнага нейрахірурга Брэсцкай вобласці: 

– Івацэвіцкая ЦРБ вылучаецца добрай матэрыяльнай базай і даволі дасведчанымі спецыялістамі – сплаў вопыту і маладосці. Тут традыцыйна працавалі моцныя неўролагі, якія ведаюць сваю справу, на высокім узроўні і своечасова праводзіцца кваліфікаваная неўралагічная дапамога… Непакоіць тое, што многія хворыя несвоечасова звяртаюць увагу на “сігналы” з боку арганізма, якія сведчаць – трэба тэрмінова звяртацца да ўрача-неўрапатолага…   

 

Колькі слоў непасрэдна пра канферэнцыю. У яе рабоце бралі ўдзел даволі вядомыя ў гэтай сферы медыцыны спецыялісты і вопытам работы дзяліліся: па пытаннях тэрапіі рассеянага склерозу – прафесар М. М. Спірын, доктар медыцынскіх навук, загадчык кафедры нервовых хвароб з медыцынскай генетыкай і нейрахірургіяй Яраслаўскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта; па пытаннях хірургічнага лячэння дэгенератыўных захворванняў паяснічнага аддзела пазваночніка – Э. М. Васілевіч, намеснік дырэктара ДУ “РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі”; па праблеме медыкаментознай карэкцыі лячэння эпілепсіі – Л. В. Шалькевіч, загадчык кафедры дзіцячай неўралогіі УА “Бел МАПО”; пра некаторыя аспекты паражэння галаўнога мозгу пры артэрыяльнай гіпертэнзіі – Т. С. Паўлоўская, аспірант неўралагічнага аддзела  ДУ “РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі” і інш. – усяго каля 20 выступоўцаў, у іх ліку два прафессары, чатыры кандыдаты медыцынскіх навук, адзін – доктар медыцынскіх навук. 

 

Наколькі карыснай і пазнавальнай была навукова-практычная канферэнцыя для маладых спецыялістаў-неўролагаў УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ”? Які канкрэтна вопыт можа быць задзейнічаны ў практычнай дзейнасці? З такім пытаннем супрацоўнік “ІВ” звярнуўся да маладых неўролагаў раённай бальніцы.

– Мяне зацікавіла лекцыя загадчыка кафедры дзіцячай неўралогіі Л. В. Шалькевіча, якая тычыцца медыкаментознай карэкцыі лячэння эпілепсіі ў дзяцей, бо я – дзіцячы неўролаг, – гаворыць Кацярына Рагозіна, малады ўрач-неўролаг УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ”. – Распрацоўваюцца новыя прэпараты, з’яўляюцца новыя метады лячэння. Вельмі важна не адстаць у сваіх ведах...– У нашым раёне ў апошнія гады востра стаіць праблема прагрэсіравання рассеянага склерозу, вельмі многа людзей у сярэднім узросце (30-40 гадоў) пакутуюць на гэтае каварнае захворванне, становяцца інвалідамі, – гаворыць Інара Велесніцкая, малады ўрач-неўролаг УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ”. – З практычнага пункту гледжання было цікава даведацца пра новыя прэпараты, інтэрфероны… Зацікавілі лекцыі па вестыбулярнаму сіндрому, дэгенератыўных захворванняў, парадавала, што веды і напрацоўкі івацэвіцкіх медыкаў на ўзроўні сталічных…

 

А наколькі важна для медработнікаў праходзіць падобнае навучанне? Ці не вельмі часта медыкаў адрываюць ад іх асноўнай практычнай дзейнасці? Вось што адказвае Святлана Ярмоцык, загадчык аддзялення неўралогіі УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ”:

– Урач – гэта бясконцае навучанне, падчас падобных канферэнцый ідзе напрацоўка каштоўнага вопыту, якім трэба дзяліцца з калегамі. Такія канферэнцыі надзвычай патрэбныя, наладжаны сувязі з абласнымі, рэспубліканскімі цэнтрамі але найперш – для маладых медыкаў. У практычнай дзейнасці прыходзіцца сутыкацца з самым шырокім спектрам захворванняў, а ведаў, як вы разумееце, многа не бывае…

***

У гэты ж дзень удзельнікі навукова-практычнай канферэнцыі наведалі палацава-паркавы ансамбль “Марачоўшчына”, многія з іх былі здзіўлены, што, пражываючы адносна блізка, не ведалі пра жамчужыну Івацэвіцкай зямлі. Парадавала, што работы па аднаўленні палаца Пуслоўскіх працягваюцца; як адзначыў галоўны ўрач УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ” Васіль Юзэфовіч, калі аднаўленчыя работы будуць завершаны, то падобную канферэнцыю можна будзе правесці і ў гэтых цудоўных мясцінах. Тэатральнае прадстаўленне “Нарадзіўся я ліцвінам” для гасцей мерапрыемства падрыхтавалі акцёры народнага тэатра Івацэвіцкага ГДК.

Аляксандр ГОРБАЧ